Тэма 17. МАЎЛЕНЧЫЯ ПАВОДЗІНЫ КАМУНІКАНТАЎ: ТРАДЫЦЫІ І СУЧАСНАСЦЬ
Вылучаюць чатыры стылі вербальнай камунікацыі: 1) прамы і непрамы стылі; 2) майстэрскі (вытанчаны) і кароткі (сціслы) стылі; 3) інструментальны і афектыўны стылі; 4) асобасны і сітуацыйны стылі.
Прамы вербальны стыль характэрны для маўленчых паведамленняў, якія выказваюць сапраўдныя намеры моўцы ў выглядзе яго жаданняў, патрэбаў і чаканняў у працэсе зносін. Гэты стыль мае сваёй мэтай выражэнне сапраўдных намераў чалавека і таму прадугледжвае жорскі стыль зносінаў, які выключае ўмоўнасці і недаказанасці. Ён характэрны для амерыканскай культуры, у якой прынята выкарыстоўваць у зносінах выразныя, ясныя і адназначныя словы.
Непрамы стыль уласцівы маўленчым паведамленням, якія камуфлююць і хаваюць сапраўдныя інтэнцыі таго, хто гаворыць. Гэты стыль характэрны для высокакантэкстуальных культур Японіі і Карэі. Большасць даследчыкаў лічыць, што непрамы стыль зносін – вядучы стыль вербальнай камунікацыі ў калектывісцкіх культурах, а прамы стыль – пераважны тып вербальнай камунікацыі ў індывідуалістычных культурах.
Майстэрскі, або вытанчаны, стыль характарызуецца выкарыстаннем багатай, экспрэсіўнай мовы ў зносінах. Ён шырока распаўсюджаны ў культурах арабскіх народаў Блізкага Усходу.
Сціслы, або кароткі, стыль азначае ўжыванне лаканічных, стрыманых выказванняў, паўз і маўчання ў паўсядзённай камунікацыі. Гэты стыль уласцівы шматлікім азіяцкім культурам і некаторым культурам амерыканскіх індзейцаў. Яго галоўная асаблівасць заключаецца ў выкарыстанні неабходнага і дастатковага мінімуму выказванняў для перадачы інфармацыі. Акрамя лаканічнасці і стрыманасці гэты стыль характарызуецца таксама імкненнем ухіліцца, выкарыстаннем паўз і выразнага маўчання.
Інструментальны стыль камунікацыі арыентаваны галоўным чынам на таго, хто гаворыць, і на мэту камунікацыі. Ён абапіраецца на дакладную інфармацыю, каб дасягнуць пастаўленых мэт зносін. Выкарыстанне інструментальнага стылю дазваляе чалавеку зацвердзіць сябе ў працэсе камунікацыі, падтрымаць уласны твар, а таксама захаваць пачуццё аўтаноміі і незалежнасці ад суразмоўніка. Гэты стыль зносін пераважна прадстаўлены ў культурах, якія характарызуюцца высокай ступенню індывідуалізму (шырока распаўсюджаны ў Даніі, Нідэрландах і Швецыі).
Афектыўны стыль. Для дасягнення пастаўленых мэт гэты стыль мяркуе прыстасаванне ўдзельнікаў да самога працэсу зносін, да пачуццяў і патрэб суразмоўцы. Пры афектыўным стылі чалавек вымушаны быць асцярожным у сваім маўленні, пазбягаць рызыкоўных выказванняў і палажэнняў, для чаго ён шырока карыстаецца недакладнымі выразамі і пазбягае прамых сцвярджэнняў або адмаўленняў. Калі абодва суразмоўцы па камунікацыі прытрымліваюцца гэтага стылю, то ўвесь час узнікаюць сітуацыі непаразумення і неабходнасці інтэрпрэтацыі сказанага. Афектыўны стыль характэрны для японскага стылю зносін.
Асобасны вербальны стыль ставіць у цэнтр зносін індывіда, а сітуацыйны – яго ролю. Пры гэтым асобасны стыль звяртаецца да выкарыстання лінгвістычных сродкаў для ўзмацнення я-ідэнтычнасці, а сітуацыйны – да падкрэслівання ролевай ідэнтычнасці. Культуры Далёкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі, многія афрыканскія (Гана, Нігерыя, Сьера-Леонэ) з’яўляюцца калектывісцкімі і аддаюць перавагу сітуацыйнаму стылю вербальнага ўзаемадзеяння. Культуры Аўстраліі, Паўночнай Еўропы (Данія, Фінляндыя, Швецыя) і ЗША з’яўляюцца індывідуалістычнымі і аддаюць перавагу асобаснаму стылю вербальнай камунікацыі.
Па прычыне адрозненняў нормаў і правілаў зносін, каштоўнасных арыентацый, светаўспрымання людзі ўступаюць у супярэчнасці адзін з адным. Любы канфлікт закранае пытанні статусу, улады, узаемаадносін людзей розных пакаленняў. Існуюць тры асноўныя прычыны камунікацыйных канфліктаў:
1) асобасныя – ярка выяўленая нізкая здольнасць да адаптацыі, злосць, незгаворлівасць, кар’ерызм – прага ўлады, песімізм;
2) сацыяльныя – суперніцтва, недастатковае прызнанне здольнасцей, недастатковая падтрымка або гатоўнасць да кампрамісаў;
3) арганізацыйныя – перагрузка працай, недакладныя інструкцыі, невыразная адказнасць, пастаянныя змены правілаў і прадпісанняў для асобных удзельнікаў камунікацыі, змена звыклых роляў. Найбольш верагодныя паміж людзьмі, якія знаходзяцца паміж сабой у залежных адносінах (напрыклад, партнёры па бізнесе, сябры, калегі, сваякі,
муж і жонка).
Вылучаюць пяць стыляў паводзін пры вырашэнні канфлікту:
1) спаборніцтва – актыўны стыль, калі ўдзельнікі канфлікту не імкнуцца да супрацоўніцтва. Гэта манера паводзін выяўляецца ў такой сітуацыі, калі адзін з бакоў з вялікім запалам дамагаецца сваіх мэт і імкнецца дзейнічаць у сваіх інтарэсах незалежна ад таго, якое ўздзеянне гэта аказвае на іншых. Падобны спосаб вырашэння канфлікту зводзіцца да падпарадкавання аднаго боку іншым;
2) супрацоўніцтва – актыўны стыль, калі абодва бакі канфлікту імкнуцца да дасягнення сваіх мэт. Такая манера паводзін характарызуецца імкненнем вырашыць праблему, высветліць рознагалоссі, абмяняцца ідэямі і інфармацыяй;
3) сыход ад канфлікту – пасіўны стыль, калі абодва бакі не імкнуцца да супрацоўніцтва. Адзін з бакоў можа прызнаваць, што канфлікт існуе, але выбірае манеру паводзін, што характарызуюцца імкненнем пазбегнуць канфлікту або заглушыць яго. Такі ўдзельнік канфлікту спадзяецца, што ён вырашыцца сам сабой; рашение праблемы адкладаецца; выкарыстоўваюцца розныя паўмеры для таго, каб заглушыць канфлікт або каб пазбегнуць канфрантацыі;
4) падатлівасць – пасіўны стыль, калі ўдзельнікі канфлікту не імкнуцца да супрацоўніцтва. У асобных выпадках адзін з бакоў можа паспрабаваць улагодзіць іншы і паставіць яго інтарэсы вышэй за ўласныя. Калі адбываюцца спрэчкі ў сям’і, нярэдка адзін з партнёраў для падтрымання адносін адмаўляецца ад сваёй пазіцыі дзеля іншага. Падобнае імкненне супакоіць іншага прадугледжвае падатлівасць, падпарадкаванне;
5) кампраміс – сярэдняя пазіцыя па параметрах актыўнасць/пасіўнасць, імкненне да супрацоўніцтва / яго адсутнасць; абодва бакі канфлікту ідуць на ўступкі, часткова адмаўляючыся ад сваіх патрабаванняў. Ніхто не пераможа, ніхто не прайграе. Такому выхаду з канфлікту папярэднічаюць перамовы, пошукі варыянтаў і шляхоў да ўзаемавыгадных пагадненняў [20, с. 43].
Складнікам маўленчых паводзін з’яўляецца невербальная камунікацыя.
Найбольш уплывовай працай у даследаваннях праблемы мовы цела была праца Ч. Дарвіна “Выражэнне эмоцый у людзей і ў жывёл” (1872). Многія яго ідэі і назіранні прызнаныя сёння даследчыкамі ўсяго свету.
З таго часу навукоўцамі былі выяўленыя і зарэгістраваныя больш
за 1000 невербальных знакаў і сігналаў.
Альберт Меерабіян (Меграбян) устанавіў, што перадача інфармацыі адбываецца за кошт вербальных сродкаў (толькі слоў) на 7 %, за кошт гукавых сродкаў (уключаючы тон голасу, інтанацыю гуку) на 38 %, а за кошт невербальных сродкаў – на 55 %. Прафесар Рэй Бердвистэл ажыццявіў аналагічныя даследаванні адносна долі невербальных сродкаў у зносінах людзей. Ён устанавіў, што ў сярэднім чалавек кажа словамі толькі на працягу 10–11 хвілін у дзень і што кожны сказ ў сярэднім гучыць не больш за 2,5 секунды. Ён выявіў, што слоўныя зносіны ў гутарцы займаюць менш за 35 %, а больш за 65 % інфармацыі перадаецца з дапамогай невербальных сродкаў.
Найважнейшай асаблівасцю невербальнай камунікацыі з’яўляецца тое, што яна ажыццяўляецца з дапамогай усіх органаў пачуццяў: зроку, слыху, дотыку, густу, нюху, кожны з якіх утворае свой канал камунікацыі. На аснове слыху ўзнікае акустычны канал, па ім паступае паравербальная інфармацыя. На аснове зроку складваецца аптычны канал, па якім паступае інфармацыя аб міміцы і рухах цела (кінесіцы) чалавека. Зрок дазваляе ацаніць позу і прасторавую арыентацыю камунікацыі (праксеміку). На аснове дотыку працуе тактыльны канал. Да невербалікі таксама адносяць разуменне і выкарыстанне часу – хранеміку. Усе элементы невербальнай камунікацыі цесна звязаны адзін з адным, яны могуць узаемна дапаўняць адзін аднаго і ўступаць у супярэчнасць адзін з адным.
Кінесіка ўяўляе сабой сукупнасць жэстаў, поз, рухаў цела, якія выкарыстоўваюцца пры камунікацыі ў якасці дадатковых выразных сродкаў зносін. Кін (кінема) – найдрабнейшая адзінка руху, з іх складваюцца паводзіны. З кінем утвараюцца кінеморфы (нешта падобнае да фраз), якія і ўспрымаюцца ў сітуацыі зносін. Счытваючы кінемы, мы інтэрпрэтуем паведамленні, якія перадаюцца праз жэсты і іншыя рухі цела.
Жэсты – гэта рознага роду рухі цела, рук або кісцей рук, якія суправаджаюць у працэсе камунікацыі гаворку чалавека і выказваюць стаўленне чалавека непасрэдна да суразмоўцы, да нейкай падзеі, прадмета, што сведчыць пра жаданні і стан чалавека. Большая частка жэстаў культурна абумоўлена, яны з’яўляюцца сімваламі і носяць дамоўны характар. Жэсты пры зносінах нясуць шмат інфармацыі. У мове жэстаў, як і ў маўленчай, ёсць словы, сказы. Можна выдзеліць пяць груп жэстаў :
1) жэсты-ілюстратары – апісальна-выяўленчыя і выразныя жэсты, якія суправаджаюць маўленне і па-за маўленчага кантэксту страчваюць сэнс. Гэта паказальнікі, піктографы, г. зн. вобразныя карціны, выявы; кінетографы – рухі целам; ідэографы, г. зн. своеасаблівыя рухі рукамі.
2) жэсты-рэгулятары – жэсты, якія выказваюць стаўленне таго, хто гаворыць, да чаго-небудзь (усмешка, ківок, кірунак погляду);
3) жэсты-эмблемы – своеасаблівыя заменнікі слоў ці фраз у зносінах: сціснутыя разам рукі па манеры поціску рукі на ўзроўні грудзей азначаюць ў многіх выпадках “добры дзень”;
4) жэсты-адаптары – спецыфічныя звычкі чалавека, звязаныя з рухамі рук: пачэсванні, паторгванні асобных частак цела, дотык суразмоўніка, перабіранне асобных прадметаў;
5) жэсты-афектары – жэсты, якія выказваюць праз рухі цела і мышцы асобы пэўныя эмоцыі.
Міміка ўяўляе сабой усе змены выразу твару чалавека, якія можна назіраць у працэсе зносін. Яна з’яўляецца найважнейшым элементам невербальнай камунікацыі. Менавіта міміка дазваляе выказаць усе ўніверсальныя эмоцыі. Міміка складаецца з адвольных мімічных рэакцый. Візуальны кантакт з’яўляецца выключнай часткай зносін. Чалавек зрокава фіксуе ўсе змены ў знешнасці і выразе твару суразмоўца. Зрокавая сістэма можа рэгістраваць усе асаблівасці аб’екта ўспрымання. Час ад часу погляды суразмоўцаў сустракаюцца, у некаторых выпадках суразмоўца ўстрымліваецца ад пільнага і прамога візуальнага кантакту. У сітуацыі вострага суперніцтва або варожасці людзі пазбягаюць прама глядзець адзін на аднаго.
Поза – становішча чалавечага цела і рухі, якія прымае чалавек у працэсе камунікацыі. Гэта адна з найменш падкантрольных свядомасці формаў невербальных паводзін, таму пры назіранні за ёй можна атрымаць значную інфармацыю пра стан чалавека. Па позе можна меркаваць аб жыццёвай сіле, ступені стомленасці, самаўпэўненасці і нават аб сацыяльным статусе чалавека. Па тым, як чалавек складае рукі і ногі, можна зрабіць высновы аб яго сапраўдных эмоцыях, намерах, стаўленні да іншых людзей.
Прынята вылучаць тры групы поз:
1) уключэнне або выключэнне з сітуацыі, г. зн. адкрытасць або закрытасць для кантакту. Закрытасць дасягаецца скрыжаваннем на грудзях рук, сплеценымі ў замок пальцамі, якія фіксуюць калена ў позе “нага на нагу” і інш. Пры гатоўнасці да зносін чалавек усміхаецца, галава і цела павернутыя да суразмоўцы, тулава нахілена наперад;
2) дамінаванне або залежнасць. Дамінаванне выяўляецца ў “навісанні” над партнёрам, паляпванні яго па плячы, руцэ на плячы суразмоўцы. Залежнасць – погляд знізу ўверх, гарбаватасць;
3) супрацьстаянне або гармонія. Супрацьстаянне выяўляецца ў наступнай позе: сціснутыя кулакі, выстаўленае наперад плячо, рукі на баках. Гарманічная пастава сінхранізавана з паставай партнёра, адкрытая і вольная.
Знешні выгляд. У сучасным свеце вельмі вялікае значэнне мае ўменне чалавека ствараць добрае ўражанне. Для дзелавога чалавека важна, якое ён стварае ўражанне на сваіх калег і партнёраў, бо ад гэтага залежыць эфектыўнасць і выніковасць яго дзейнасці, таму ён імкнецца да стварэння пэўнага іміджу. Імідж – мэтанакіравана сфарміраваны вобраз, з дапамогай якога чалавек прадстаўляе сябе свету, свайго роду форма самапрэзентацыі, мастацтва кіраваць уражаннем, якое стварае чалавек на навакольных. Пры першай сустрэчы знешні выгляд – гэта адзіная крыніца інфармацыі аб суразмоўцу. Адзенне, прычоска, стан твару і рук, упрыгожанні здольныя шмат расказаць аб сацыяльным становішчы, фінансавым стане, магчымай працы. Многае пра суразмоўцу могуць расказаць упадабаны колер адзення, стыль, упадабаныя ўпрыгожанні.
Дотыкі ў сітуацыі зносін (поціск рукі, пацалункі, дакрананне, пагладжванне і да т. п.) вывучае такая галіна псіхалогіі, як такесіка.
З дапамогай рознага роду дакрананняў працэс камунікацыі можа набываць розны характар і працякаць з разнастайнай эфектыўнасцю.
Па характары абдымкаў, іх сіле, працягласці вызначаюць значэнне выяўленых чалавекам пачуццяў. Поціскі рукі таксама адрозніваюцца па спосабе іх здзяйснення, сіле і працягласці. Паляпванні па спіне або плячах у асноўным характэрныя для мужчын. Гэтыя невербальныя жэсты часта інтэрпрэтуюцца як праява сяброўскіх адносін, падбадзёрвання. Дотыкі з’яўляюцца індыкатарам нявыказаных пачуццяў партнёра, у выпадку з глухім чалавекам дазваляюць звярнуць на сябе яго ўвагу. Дотыкі могуць быць пяшчотнымі, ласкавымі, лёгкімі, моцнымі, грубымі, такімі, якія раняць. Пацалункі як разнавіднасць тактыльнага жэсту шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх аспектах жыцця чалавека. У адносінах да пэўнага аб’екта змяняецца характар пацалункаў.
Сэнсорыка ўяўляе сабой тып невербальнай камунікацыі, заснаваны на пачуццёвым успрыманні прадстаўнікоў іншых культур. У залежнасці ад таго, як мы адчуваем пахі, адчуваем смак, успрымаем колеровыя і гукавыя спалучэнні, адчуваем цяпло цела суразмоўцы, мы будуем нашы зносіны з гэтым суразмоўцам. Усе сэнсорныя фактары дзейнічаюць сумесна і ў выніку ствараюць сэнсарную карціну той ці іншай культуры. Ацэнка, якую мы даём гэтай культуры, залежыць ад суадносін колькасці прыемных і непрыемных сэнсарных адчуванняў.
Праксеміка даследуе прасторавыя ўмовы зносін – узаемаразмяшчэнне суразмоўцаў у момант кантакту. Дадзены тэрмін быў уведзены Э. Холам для аналізу заканамернасцей прасторавай арганізацыі камунікацыі, а таксама ўплыву тэрыторый, адлегласцяў і дыстанцый паміж людзьмі на характар міжасобасных зносін.
Кожны чалавек лічыць, што пэўны аб’ём прасторы вакол яго з’яўляецца яго ўласным, і парушэнне гэтай прасторы разглядае як умяшальніцтва ў яго ўнутраны свет. Таму зносіны людзей заўсёды адбываюцца на вызначанай адлегласці адзін ад аднаго, і гэта адлегласць з’яўляецца важным паказчыкам тыпу, характару адносін паміж людзьмі. Э. Хол у выніку сваіх назіранняў вылучыў чатыры зоны камунікацыі:
1) інтымная зона – адлегласць, на якую могуць падыходзіць адзін да аднаго сябры, сваякі, блізкія людзі. У сярэднім гэта адлегласць паміж суразмоўцамі складае не больш за паўметра;
2) асабістая зона – у сярэднім ад паўметра да метра. На такой адлегласці маюць зносіны добра знаёмыя адзін з адным людзі, а таксама людзі, якія знаходзяцца ў нефармальных службовых адносінах;
3) сацыяльная зона – адлегласць паміж суразмоўцамі ад метра да трох. На такой адлегласці могуць мець зносіны калегі, якія не знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах, і малазнаёмыя людзі;
4) грамадская зона – адлегласць паміж суразмоўцамі, якая перавышае тры метры. Звычайна менавіта на такой адлегласці адзін ад аднаго знаходзяцца незнаёмыя людзі, асабліва ў памяшканні.
Хранеміка – выкарыстанне часу ў невербальным камунікацыйным працэсе. Даследаванні хранемікі розных культур дазваляюць вылучыць дзве асноўныя мадэлі выкарыстання часу: манахронную і паліхронную. Пры манахронной мадэлі час прадстаўляецца ў выглядзе дарогі ці доўгай стужкі, раздзеленай на сегменты. Гэты падзел часу на часткі прыводзіць да таго, што чалавек у гэтай культуры аддае перавагу толькі адной справе, а таксама падзяляе час для справы і для эмацыйных кантактаў.
У паліхроннай мадэлі няма такога строгага раскладу, чалавек там можа займацца некалькімі справамі адразу. Час тут успрымаецца ў выглядзе перасякальных спіральных траекторый або ў выглядзе кола.
Невербальныя паведамленні здольныя перадаваць наступную інфармацыю:
1) пра асобу камунікатара (яго тэмперамент, эмацыйны стан у момант камунікацыі, асобасныя ўласцівасці і якасці, камунікатыўную кампетэнтнасць, сацыяльны статус, самаацэнку);
2) пра стаўленне камунікантаў адзін да аднаго, блізкасці/аддаленасці, тыпе адносін (дамінаванне/залежнасць), а таксама дынаміцы іх узаемаадносін;
3) аб адносінах удзельнікаў камунікацыі да самой сітуацыі: наколькі яны камфортна адчуваюць сябе ў ёй, ці цікавыя ім зносіны, або яны хочуць хутчэй выйсці з іх.
Невербальныя сродкі выконваюць наступныя функцыі:
- дапаўненне маўлення;
– замяшчэнне маўлення;
– рэпрэзентацыя эмацыйных станаў суразмоўцаў;
– рэгуляванне зносін.
Невербальныя знакі фарміруюць пяць сістэм:
1) оптыка-кінетычная: жэсты, міміка, позы, хада, скурныя рэакцыі, прасторава-часовая арганізацыя зносін, кантакт вачыма і інш. Прафесар Оксфардскага ўніверсітэта М. Аргайл вывучаў частату і сілу жэстыкуляцыі ў розных культурах: на працягу адной гадзіны фіны жэстыкулююць адзін раз, італьянцы – 80, французы – 120, мексіканцы –180;
2) паралінгвістычная сістэма – сістэма вакалізацыі: якасць голасу, яго дыяпазон, танальнасць, фразавы і лагічны націск, упадабаныя канкрэтным чалавекам;
3) экстралінгвістычная сістэма – уключэнне ў размову паўзаў, іншых ўкрапванняў (плач, смех), сам тэмп гаворкі. Усе гэтыя дапаўненні павялічваюць семантычна значную інфармацыю;
4) тактыльна-кінестэзічная сістэма – дотыкі, поціскі рук, абдымкі, пацалункі;
5) альфакторная сістэма – успрыманне, перадача і аналіз пахаў. Усе пахі дзеляць на прыемныя і непрыемныя пахі навакольнага асяроддзя, натуральныя і штучныя пахі чалавека. Гэтая сістэма служыць дадатковай характарыстыкай складзенага пра чалавека ўражанні.
Фактары, якія ўплываюць на невербальныя знакі:
1) культурныя асаблівасці: у кожнай краіне свая сістэма невербальных знакаў; перад сустрэчай з замежным партнёрам неабходна азнаёміцца з асаблівасцямі этыкету яго краіны;
2) здароўе: у чалавека, які мае пэўныя захворванні, мяняюцца погляд, голас, жэсты звычайна больш млявыя, хоць ёсць захворванні, якія суправаджаюцца падвышанай узбуджальнасцю, эмацыйнасцю;
3) прафесія: у чалавека могуць быць прафесійныя асаблівасці невербальнага выражэння эмоцый, часта гэта тычыцца людзей творчых прафесій; слабы поціск рукі не заўсёды праява слабасці: можа быць, прафесія патрабуе берагчы пальцы;
4) узровень культуры ўплывае на сістэму жэстаў, уяўленне аб этыкеце, правільным выхаванні;
5) статус і званне чалавека: чым вышэйшая пасада, тым менш жэстаў;
6) узроставая група: з узростам можа зніжацца хуткасць рухаў;
7) магчымасць праявіць і ўспрыняць невербальныя сродкі зносін (фізічная перашкода паміж суразмоўцамі абцяжарвае іх паўнавартаснае ўспрыманне);
8) акцёрскія здольнасці (многія ўмеюць гуляць не толькі словамі, але і невербальнымі знакамі);
9) няўзгодненасць знакаў: пры няправільным спалучэнні невербаль-ных знакаў можа скласціся ўражанне няшчырасці гаворкі.
Невербальныя знакі могуць не адпавядаць вуснаму паведамленню [16, с. 53].